З гісторыі каталіцкіх святынь Шклова

Аб існаванні каталіцкіх святынь у горадзе Шклове вядома пачынаючы з ХУІ стагоддзя. У дакументах паведамляецца, што ўжо на той час у Шклове існавалі фарны касцёл і кляштар Ордэна Дамініканцаў, заснаваны ў 1592 годзе. Будаўніцтва мураванага кляштара разам з касцёлам была завершана ў 1619 годзе.
Аляксандр Хадкевіч, да якога Шклоў перайшоў у спадчыну, запрасіў у горад айцоў-дамініканцаў і забяспечвае будаўніцтва і ўтрыманне кляштара. Вопіс, які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі, дае ўяўленне пра знешні выгляд гэтага каталіцкага асяродка. Галоўнае месца ў комплексе займаў мураваны касцёл са званіцай. Побач размяшчаўся кляштар, які меў падсобныя памяшканні: клець, люднік, сянніцу, дзве канюшні, вазоўню, мураваную піваварню, старую драўляную лазню, а таксама калодзеж з драўляным колам і вялізны сад [2,7,9].
Па дадзеных польскай даследчыцы старажытнага Шклова Марыі Тапольскай, шклоўскі кляштар быў, найвялікшым сярод дамініканскіх кляштараў на Беларусі. Тут знаходзіліся вельмі каштоўныя абразы і вялікая бібліятэка. Законнікі (каля 20 чалавек) вывучалі філасофію і тэалогію. Велічны касцёл Святога Тамаша Аквінскага быў абсталяваны арганам і ўзвышаўся над наваколлем. Каля кляштара ў 1654 годзе пахавалі жаўнераў забітых у бітве пад Шкловам, што адбылася 12 жніўня між войскамі Вяліка Княства Літоўскага на чале з Янушам Радзівілам і маскавітамі. Усяго ж на той час у Шклове налічвалася 30 асобаў каталіцкага духавенства, каля 300 вернікаў каталікоў (ад 3,5 да 5,0 працэнтаў жыхароў горада) [16,17,18].
Які лёс напаткаў гэтыя старажытныя каталіцкія пабудовы? У «Магілёўскай хроніцы Трофіма Сурты і Юры Трубніцкага» паведамляецца, што ў 1690 годзе «Пан Бог адведаў агнём горад Шклоў, амаль увесь замак з вялікай вежай, фарны касцёл і крамы пагарэлі». Пасля гэтай даты фарны касцёл у Шклове ў гістарычнай літаратуры больш не згадваецца, а вось кляштар дамініканаў праіснаваў да 1832 года (па іншых звестках — да 1840) і быў зачынены па загадзе імператара Мікалая І у сувязі з мерапрыемствамі па русіфікацыі Беларусі. Як і большасць іншых зачыненых кляштараў, ён быў прыстасаваны для воінскага пастою, а клерыкі адпраўлены ў Пінск. Забальзамаванае цела Аляксандра Хадкевіча перанеслі ў касцёл на каталіцкіх могілках і, як сведчаць гістарычныя крыніцы, яго магіла была цэлай яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя [1,12].


Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і Кляштар Дамініканцаў паводле гравюры 17 стагоддзя
Часткова сцены касцёла і кляштара захоўваліся яшчэ ў перадваенны перыяд. Канчаткова былі разабраны жыхарамі наваколля падчас пасляваеннай адбудовы. Пра месца, дзе калісьці знаходзіўся кляштар і велічны касцёл, нагадваюць курганы. Жыхары наваколля і зараз называюць гэта месца «кляштар», калі размова датычыць тых курганоў.
У 1769 годзе пачалося будаўніцтва горада на новым месцы за 2,5 кіламетра на поўнач, калі вялікі пажар знішчыў амаль 300 дамоў «Старога месца». У інвентары 1763-1764 гадах гаворыцца пра выкарчоўванне лесу і складзіраванне вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў пад кляштарам за горадам. Ужо тады, тагачасны гаспадар Шклоўскага графства Адам Чартарыйскі, задумаў пашырыць горад. Будаўніцтва «Новага месца» завяршылася каля 1778 года. Галоўнаю пабудоваю быў комплекс гарадской ратушы з гандлёвымі радамі, а таксама будынкі пошты, праваслаўнай царквы, жаночага манастыра, яўрэйскай школы. У 1803 годзе Шклоў наведаў вядомы рускі акадэмік В.В.Севяргін, які, апісваючы галоўныя пабудовы горада, называў і драўляны касцёл. А пачынаючы з другой паловы XIX стагоддзя гістарычныя дакументы згадваюць ўжо мураваны касцёл [4,8].
Даследчык гісторыі Шклова А.Лукашэвіч сцвярджае, што для будаўніцтва мураванага касцёла выкарыстоўваліся рэшткі будынка тэатра, які быў пабудаваны ў Шклове яшчэ пры С.Зорычу. Аб тым, што касцёл у
Шклове пераабсталяваны з былога тэатра паведамляюць і іншыя крыніцы[5,7].
Таксама захаваліся звесткі, што касцёл пабудаваны на зямлі перададзенай генеральшай Марыяй Цуката на падставе дарчай ад 15 лютага 1838 года размерамі 50х50 сажняў. 12 жніўня 1849 года шклоўская святыня асвечана архібіскупам Казімірам Дмахоўскім.

 
Архіўныя крыніцы захоўваюць падрабязнае апісанне будынка касцёла. У аснове кампазіцыі храма — прамавугольны ў плане аб'ём з закругленай алтарнай часткай, які быў пакрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад (перабудованы) мае плоскаснае вырашэнне, завершаны двухгранным шчытом і фланкіраваны здвоенымі гранёнымі пілонамі. Над уваходным прамавугольным праёмам — акно стральчатай формы. Бакавыя фасады дэкарыраваны пілястрамі, тонкапрафіляваным карнізам, прамавугольныя аконныя праёмы без ліштваў. З франтону драўляная вежа з жалезным пазалочаным крыжам, на другім канцы на пастамэнце таксама жалезны пазалочаны крыж. Вакол пракладзены вадасцёкі.
Ва ўнутраняй прасторы будынка знаходзяцца калоны, якія дзеляць яе на тры навы. У бакавых навах вылучаны сакрысціі. Над уваходам хоры. Сцены звонку і ўсярэдзіне тынкавыя. Падлога драўляная, у прэзбітэрыі і навах выслана каляровымі пліткамі. Столь драўляная, памаляваная, дах накрыты бляхай і памаляваны. Даўжыня будынка — 13,5, шырыня — 7, вытттыня — 5,25 сажняў.
Пры галоўным алтары антыпедыум з намаляванай на палатне Апотттняй Вячэрай. Па баках фігуры Св. Амбросія і Св. Аўгустына. У сцяне абраз Божай Маці з Дзіцяткам Ісусам на руках у пазалочанай рызе і каронах. Гэты абраз закрываецца абразам Святой Тройцы, у драўлянай пазалочанай раме. Паверх гэтых абразоў абраз Божай Маці Ружанцовай з Ісусам на руках. Па баках абразы два анёлы.
Другі алтар, з правага боку, з абразом Св. Антона з Падуі з Дзіцяткам Ісусам на руках, унізе ніша, дзе размяшчается фігура Божай Маці.
Трэці алтар, з левага боку, на каменным падмурку, з абразом Укрыжаванага Ісуса Хрыста, унізе абраз Св. Міколы.
Стацый дарогі Крыжовай Ісуса Хрыста — 14. Абразы чатырох Св. Евангелістаў. На хорах арган на 11 галасоў.
Плябанія займае зямлі 2000 квадратных сажаняў, ахвяраваныя Аляксандрам Хадкевічам. На пляцы дом для духавенства, даўжыня — 18, шырыня — 14 аршын. Дабудавана кухня. Мураваны склеп-падвал, студня, лядоўня, дом для прыслугі. Пры гэтым доме памяшканне для навучання дзяцей малітвам і катэхізісу. Усе забудовы накрыты гонтай. Ёсць хлеў.
Таксама ў цэнтры мястэчка ёсць дом, аддадзены ў арэнду Дзехцярову. На адлегласці 7 вёрст касцёл мае 36 дзесяцін землі, аддадзеная ў арэнду мешчаніну Гаўрылу Відзмонту. Каля горада (адна вярста) ёсць парафіяльныя могілкі, тут пабудавана капліца ў 1852 годзе. Могілкі абнесены драўляным плотам. Галоўныя ахвяравальнікі парафіі: генеральша графіня Марыя Цуката і Аляксандр Хадкевіч.
Вядома, што ў шклоўскім касцёле працавалі святары: арцыбіскуп Казімір Дмахоўскі, кс. Антон Калянкевіч, кс. Адольф Сянкевіч, кс. Пётр Зялінскі. Таксама ў дакументах нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года згадваецца прозвішча шклоўскага ксяндза Пржыалкоўскага. Разам з паручнікам Антоніем Аленскім Пржыалкоўскі быў адным з кіраўнікоў атрада паўстанцаў створаным у фальварку Чарнаручча [5,6,13,14].
Савецкая ўлада з першых дзён свайго існавання вяла барацьбу з рэлігіяй. Пачаліся ганенні на святароў, а з 1930 года «изъятие культовых сооружений у верующих». У ліку першых быў зачынены касцёл ў Шклове.
Гісторыя захавала прозвішчы некаторых шклоўскіх каталіцкіх святароў, якія сталі ахвярамі гэтай барацьбы. З 1914 г. пробашчам парафіі ў Шклове быў ксёндз Станіслаў Ярашэвіч (1889-1937). Ён скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і ў 1912 годзе прыняў сакрамант Святарства. Быў таксама пробашчам парафіі ў Чэрыкаве. У 30-я гады працаваў у Мінскай дыяцэзіі. Гэта быў апошні каталіцкі святар, які працаваў у сталіцы перад другой сусветнай вайной. Расстралялі ў Мінску ў 1937 годзе.
У 1923 годзе шклоўскім пробашчам быў ксёндз Антон Ярмаловіч (1897-1937). Скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1917 годзе прыняў сакрамэнт Святарства. У 1919 годзе быў арыштаваны як заложнік, калі працаваў вікарыем ў Мінску. Вызвалены, але ўжо ў студзені 1921 года паўторна арыштаваны ў Магілёве. Пасля вызвалення працаваў у парафіях Пецярбургскага, Віцебскага і Дрыса-Себежскага дэканатаў. Пастановаю Калегіі ДПУ ад 29 кастрычніка 1933 года асуджаны на 10 гадоў лагераў на Салавецкіх астравах. Пастановай “Тройкі” НКУС 9 кастрычніка 1937 года асуджаны на смерць і растраляны 3 лістапада 1937 года ў пасёлку Сандармаха пад Мядзвежагорскам.
Апошнім шклоўскім пробашчам ў перадваенны час з 1925 па 1930 гады быў ксёндз Яўген Крулікоўскі (1875-1935). Скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбурзе. У 1899 годзе прыняў сакрамэнт Святарства. Працаваў вікарыем у Пінску, пробашчам у Пермі і Разані (Расія). З 1918 года быў у Мінску. Потым праца ў Оршы і Шклове. З 1934 года як выгнаннік жыў у Віцебску, дзе ў 1935 годзе памёр ад хваробы сэрца [3,10,11,15].
У 1936 годзе ўлады распрацавалі дакумент, згодна з якім культавыя збудаванні пераабсталёўваліся пад гаспадарчыя патрэбы. Такім чынам з шклоўскага касцёла быў зроблены кінатэатр, а вуліца “Касцёльная” атрымала новую назву “Луначарскага”. Дзеянні савецкіх уладаў прывялі да поўнай ліквідацыі касцёльных структур у перадваенны час.
У пасляваенны час будынак шклоўскага касцёла выкарыстоўваўся як кінатэатр, потым як памяшканне для складзіравання. Недзе ў пачатку 60-х гадоў тут адбыўся пажар, у выніку якога быў знішчаны дах. У далейшым будынак касцёла паступова прыйшоў у запусценне, унутры храма рос хмызняк. Непасрэдна на касцёльнай тэрыторыі быў пабудаваны будынак ДТСААФ, аўтагаражы для службовага транспарту і іншыя збудаванні для патрэб установы. Між тым знявечаны касцёльны будынак па-ранейшаму велічна ўзвышаўся над наваколлем, а бліжэйшая горадскія вулачкі ў шклоўскага насельніцва зваліся “каля касцёла”.
Але жыццё няспынна ідзе наперад. На пачатку 1994 года ўпершыню за апошнія гады да шклоўскіх католікаў прыехаў святар Браніслаў Карвоўскі. З той пары і пачаліся рэгулярныя набажэнствы ў Шклове. Напачатку вернікі збіраліся каля разбуранага будынка касцёла, а потым знайшлася і страха над галавой…
Прайшло пяць гадоў. Шклоўская святыня паволі набывала свой першапачатковы выгляд. І вось настала свята: 20 верасня 1999 года адбылося ўрачыстае асвячэнне адноўленай святыні, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Пасля ўрачыстай малітвы ён павіншаваў прысутных са святам і падкрэсліў, што касцёл Святых Пятра і Паўла ў Шклове стаў чацвёртай па ліку адроджанай каталіцкай святыняй на Магілёўшчыне. Пан Бог не пакінуў шклоўскіх вернікаў сіротамі.
Літаратура:
1.Анціпенка Л. Шклоў у «Магілёўскай хроніцы» // «Ударны фронт». — 1992. — №№ 81, 83, 84.
2.Без-Корнилович М.О. Исторические сведения о примечательных местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений к ней же относящихся. — СПб., 1855. // Перавыданне ООО «Алфавит», — Мн., 1995. — С. 207-210.
3.Грудзіна А. Мой радавод, мая сям'я. — Шклоў, 2011. — С. 53 — 51.
4.Дембовецкий А.С. Опыт описания ской губернии. Книга 2. — Могилев на Днепре, 1884. — С. 44-48.
5.Завальнюк Уладыслаў. Касцёлы царскай Расіі. Выпуск 1. — Мн.: Рымска-каталіцкая парафія Св. Сымона і Св.Алены, 2009. — С. 201.
6.Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн., 1986. — с. 380-387.
7.Лукашэвіч А. Новае з гісторыі Шклова. // «Ударны фронт». — 1991. — №№ 61, 62, 63, 67, 69.
8.Ляўко В. Гісторыя Шклоўшчыны па археалагічных і пісьмовых крыніцах (да сярэдзіны ХУШ ст.). // Беларускі гістарычны часопіс, 1996. — №2.
9.Міцкевіч В.С. Каталіцкія кляштары Беларусі 1380 — 1880 гг. — Мн.: “Рымска-Каталіцкая парафія Св. Сымона і Св. Алены”, 2013. — С.119.
10.Няхай сведчанне іх веры не забудзецца. Лёс каталіцкага Касцёла на Беларусі ў 1917-1953 гадах. — Непакалянаў, 2000. — С. 63.
11.Прочаков Ю.В. Римско-католическая Церковь на территории бывшего Могилевского округа (1920-1990 гг.) // Старонкі гісторыі Магілёва. — Магілёў, 1998.
12.Россия. Полное географическое нашего отечества. Т. ІХ. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. — СПб., 1905. — С. 468, 470.
13.Турбінскі А. «Падзеі 1863 года на Шклоўшчыне». Памяць. Шклоўскі раён. — Мн.: «Універсітэцкае», 1998. — С. 62-63.
14.Ks. D. Baczkowski I Ks. J. Zyskar. Nasze koscioly. Tom 1. — Warszawa. Peterburg. — S. 19, 106, 107, 398.
15.br. Jan Fibek OFMCap. Szklow (Шклоў) — parafia p.w. Sw. Apostoliw Piotra I Pawla.
16.O glucklich, Wer noch hoffen Kann … — Невядомы Шклоў: архітэктура магдэбургскага горада. — С. 4.
17.Topolska M. Szklow i jego rola w gospodarce Bialorusi wschodniej w 17 i 18 wieku. — Poznan, 1969. — S. 12-13.
18.o. Waldemar Kapec OP. Organy w dominikanskich kosciolach prowincji ruskiej. — S. 9, 34.

А.П. Грудзіна, г. Шклоў (Беларусь),
Шклоўская раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Источник